ЭЛЕ́ЙСКАЯ ШКО́ЛА,

школа стараж.-грэч. філасофіі 6—5 ст. да н.э. Назва ад горада, у якім узнікла (Элея — грэч. калонія ў Паўд. Італіі). Заснавальнік Ксенафан, асн. прадстаўнікі Парменід, Зянон Элейскі, Меліс Самаскі. Яны ўпершыню проціпаставілі мысленне пачуццёваму ўспрыманню, адзначылі няўстойлівасць, цякучасць чалавечых адносін і ўспрыманняў; гал. ролю ў спасціжэнні ісціны адводзілі мысленню. Быццё, на іх думку, бесперапыннае, нерухомае, нязменнае, аднароднае, непадзельнае, аднолькава ўласцівае кожнаму элементу, рэчаіснасці, выключае якое-н. мноства рэчаў. Гэтая ідэя склалася ў процівагу дыялект. вучэнню аб прыродзе Геракліта. Для абароны вучэння Э.ш. Зянон прапанаваў сістэму аргументаў, пабудаваных у форме доказаў ад процілеглага і накіраваных супраць прызнання множнасці і руху быцця (напр., пушчаная страла нерухомая, таму што час складаецца з асобных імгненняў, а прастора — з асобных пунктаў). У далейшым паняцце адзінага нязменнага быцця паслужыла адной з крыніц філасофіі Платона і неаплатанізму.

І.​В.​Катляроў.

т. 18, кн. 1, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)